БУЛЬБАСАРТАВА́ЛЬНЫ ПУНКТ,
комплекс машын і абсталявання для аддзялення выкапанай бульбы ад раслінных рэшткаў і глебы з адначасовым калібраваннем клубняў і падачай іх у тару. Бывае перасоўны (выкарыстоўваецца каля буртоў і бульбасховішчаў) і стацыянарны.
Перасоўны бульбасартавальны пункт КСП-15В мае прыёмны бункер (да 8 т), модулі сепарацыі і калібравальны (на яго вынасных транспарцёрах можна перабіраць бульбу ўручную), загрузачныя канвееры. На калібравальным модулі фуражная бульба (меней за 50 г) і сярэдняя яе фракцыя (50—80 г) правальваюцца ў ячэйкі паміж ролікамі, а буйнейшыя клубні ідуць на транспарцёр ручной пераборкі. Прадукцыйнасць такога пункта 8—18,8 т/гадз. У Беларусі выкарыстоўваюцца таксама стацыянарныя бульбасартавальныя пункты айч. вытв-сці прадукцыйнасцю 25—30 т/гадз.
Л.Я.Сцяпук, А.Л.Рапінчук.
т. 3, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)